Ганна Комар
Крытыка чыстай паэзіі
Двойчы я ледзь не перастала пісаць. Першы раз — калі мой рэдактар падвыпіў і больш не стрымліваў сябе далікатнасцю. «Шкадаваў цябе і не гаварыў усёй праўды: твае вершы не такія моцныя, як мне хацелася б, у іх многа хібаў і слабых месцаў, я не веру ў цябе да канца». Не памятаю, што ён казаў насамрэч, але чула я прыкладна гэта… Спаліць свае раздрукоўкі і больш ніколі не пісаць. Вогнішча было пад рукой, і аўдыторыя мелася — ідэальна для драматычнай сцэны. Але я пачакала і астыла, а потым вырашыла, што ў маёй кнігі павінна быць рэдактарка. Жанчына.
Другі раз супаў з крызісам творчасці. Пасярод дэпрэсіі, якая цягнулася другі год, я трапіла на майстар-клас крутой паэткі. З любоўю, але хірургічнай дакладнасцю яна прайшлася па маіх вершах. Каментары, зробленыя, я ведаю, ад вялікай павагі, аказаліся мне завялікія — навыраст. Наіўнасць, залішні драматызм, лішнія словы, расхістаны сінтаксіс, нецікавы вобраз — пінжак вісеў па плячах, рукавы былі задаўгія, а штаны спадалі, нават рэмень іх не трымаў. Перачытваю — цяпер селі б ідэальна. Падрасла. Але пасля таго я доўга не магла пісаць. Вершы сталі мясам, якое прапусцілі праз мясарубку. «Такія, як ёсць, яны „not good enough“», — шаптала мне кожная заўвага. Пахвалы было таксама шмат, але я не чула. «Not good enough» было лейтматывам майго кахання, які перакінуўся на ўсё важнае для мяне, як агонь ад цыгарэты, што выпала ў ложак з рукі спячага. Я вырашыла альбо пісаць добра, альбо зусім не пісаць. Пісаць добра азначала як яна. Кожны вобраз вынашаны як дзіця, якое атрымалася з вялікім намаганнямі. Як першае ўражанне — не здараецца двойчы. Як адзіны шанец — другога не будзе. Не ведаю, ці тая рэдактура дапамагла маім вершам стаць лепшымі - хутчэй за ўсё, яны страцілі сваю нястрымную энергію. Магчыма, справа была зусім не ў рэдактуры, і яна — толькі алібі. Справа была ўва мне. Я страціла сваю нястрымную энергію. Я не магла пісаць.

Мяне завуць Ганна Комар. Я паэтка і не была б добрай паэткай, калі б не крытыка — своечасовая, прафесійная і канструктыўная. Я проста пісала б вершы і чытала іх «жонцы, ці сваёй дзяўчыне, ці хлопцу, ці бацькам», як не трэба рабіць, калі ты хочаш быць пісьменнікам — такі запавет нам пакінуў Букоўскі. Без крытыкі, дакладней, без рэдактуры — але чаму я стаўлю знак роўнасці паміж імі?

Мне пашанцавала: ад самага пачатку ацэнка, якую атрымлівалі мае тэксты, была рэдактурай, а значыцца, у яе апрыёры быў намер дапамагчы, зрабіць лепш. Толькі аднойчы па маім паэтычным зборніку жорстка прайшліся ў адкрытую — не магу сказаць, што не справядліва, бо пра справядлівасць можа меркаваць толькі сама аўтарка разбору. Проста гэта мала дачынення мела да маіх вершаў - яна гаварыла са сваімі бацькамі, якія калісьці не паверылі ў яе. Не са мной.

«Прачытала дэбютны зборнік Ганны Комар і заплакала. Не таму, што вершы такія дрэнныя, проста ўспомніла сябе прыкладна 10 гадоў таму. Я тады пісала такія ж вершы, а бацькі казалі, што з такой паэзіяй мне толькі ў псіхушку», — піша Н. і дадае, што не хоча пакрыўдзіць аўтарку, а я веру: яна не мела намеру мяне пакрыўдзіць, яна ўсяго толькі спраецыравала на мой зборнік ўласную крыўду. Гэта было гады тры таму, а цяпер я перачытала яе пост — не такі ён страшны. Мае вершы — «п…страдания». Аказваецца. А паважанае журы незалежных прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча і прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу палічылі, што тыя «похвапакуты» вартыя іхных шорт-лістоў. Маё імя стаяла ў адным спісе з імёнамі Насты Кудасавай, Віктара Жыбуля, Сяргея Прылуцкага! Праўда, з часам і з дапамогай псіхатэрапіі, я сама, а не аўтарытэтныя журы, стала сабе мерылам. Похвапакутамі аўтарка назвала мае вершы за адчай і суіцыдальныя настроі, адсылкі да траўматычных выпадкаў з дзяцінства. Не ўсе яшчэ разумеюць, што дэпрэсія і іншыя псіхічныя разлады — не жарт, не «пазёрства», цытуючы Н., і ад іх не пазбавіцца сілай самаўнушэння. Цікава назіраць, як акуратна Н. абыходзіцца з фемінітывамі і як падкрэслівае, што пад словам «похвапакуты» не мае на ўвазе ніякага сэксізму, а некалькімі сказамі ніжэй піша, што верш, дзе ёсць радкі «каханне — гэта такая куля // што вырываецца з гільзы // і застрае між рэбраў» — гэта «такая сабе паэзія для дзевачак».
Ілюстрацыі — Марыя Ларыёнава
Больш адкрытай негатыўнай рэакцыі на свае вершы не ўзгадаю, хаця ведаю, што за спінай пра яе і пра мяне гаварылі рознае. Але мне пашчасціла на рэдактароў і рэдактарак — гуманных, чуллівых, удумлівых і далікатных.

Я не баюся, калі рэдагуюць мае тэксты. Яны — не я, а тое, як у мяне атрымалася патлумачыць, хто я. Альбо не атрымалася.

Мой першы рэдактар Валянцін Акудовіч заўжды пачынаў са станоўчага і нагадваў, што мне самой, толькі мне, прымаць канчатковае рашэнне. Але я ўсё адно доўга лічыла, што ўсе гэтыя адукаваныя людзі, профі сваёй справы, лепш за мяне ведаюць, пра што мой верш і якім спосабам гэта данесці да чытачак і чытачоў. Дзякуючы працяглай псіхатэрапіі, я навучылася выбудоўваць уласныя межы і давяраць сабе, таму магу прымаць заўвагі і прапановы, з якімі згодная, і адмятаць тыя, якія выклікаюць адмаўленне, магу аспрэчваць аўтарытэтнае меркаванне і захоўваць свой варыянт.

Цяпер я рыхтую наступную паэтычную кнігу — білінгву. У ангельскай часткі ўжо ёсць рэдактарка, і наша супраца — суперкаштоўная. Мэры задае пытанні, а я вымушаная тлумачыць, асэнсоўваць, капаць, даваць уцямныя адказы — зразумець уласныя тэксты. А яшчэ вершы на ангельскай прасцей адпускаць. Не так страшна, што ў іх прачытаюць не тое, «што хацела сказаць аўтарка». Не валодаючы беларускай мовай арыгіналаў, іх усё адно не разгадаць да канца, не пачуць, як яны шапочуць, не адчуць, як яны дыхаюць. Не расшыфраваць іхны код.

Беларускія тэксты павінны быць жывыя. Ангельскія няхай будуць проста добрымі.

ГАННА КОМАР
Паэтка, пісьменніца і перакладчыца.

Аўтарка зборнікаў паэзіі «Страх вышыні» (2016) і «Recycled» (2018). Перакладае з англійскай. Паэзія, пераклады і проза публікаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж» і газеце «Літаратура і мастацтва»
Made on
Tilda