Вікця Удовіна
ЗУБ(р)
I

Стрэл з калумбарыя —
працоўныя трунары ўтраіх
б’юцца келіхамі;
адзін з іх, самы натхнёны хаванкамі-хованкамі,
паўзе праз пошчак хаўтур
і матляе хвастом сваім бы налібоцкай сасной
і зыбаюцца ногі яго бы шляхецкія дзіды
і вугніць косткамі сваімі бы попел чалесьнікаў
і гарачы камень сціскае ў зубах
і гаворыць:
«Ці патрэбна дапамога вашай магілцы?»
я дакладна ведаю, што ён і зямля
гэтых могілак кахаюцца
раптоўна абуджаны чмель
няўрымсліва жаліцца на
штучны квяток венак
я хачу думаць што гэта ты
я добра вывучыла курс міталёгіі
і выдатна здала іспыт на міталягічнае мысленне
таму гэты чмель гэта ты
эні бэні раба
мене тэкел жаба
майоліка жальні
пакуль асначы цягнулі тапельца на бераг
ты збегла з кляснага пакойчыку
мы тады былі яшчэ маленькімі
з малочнымі зубкамі
і пакойчык быў намаляваны на
скрутку цукерачак:
вялікае дрэва рэхаў
і на роварах парабкі

ты збегла а мы засталіся чытаць анапесты
хай бы больш не было анапестаў!
я спужалася таго чмяля
што ты цяпер думаеш пра мяне?
ў дзяцінстве я амаль памёрла
ў чмялінай купіне
ты больш не скажаш мне віць
свае асмуглыя гнёзды?

што ты цяпер думаеш пра мяне?
я не магу закахацца ў чалавека
без слоў ці без верхніх разцоў
(кожная сківіца мае чатыры, усяго восем)
ты больш не скажаш мне віць
барочныя шпалеры стараабрадцаў?
віць віць віць
як так жыць што рабіць
чмель адляцеў
на грэўскую плошчу
дзе аскепкі артэрый
асуджаных дзяржавай на смерць
былі сапраўдным квятком венак
ва ўсіх лепшых людзей з маёй сям'і
арліныя насы
толькі небаракі як я
с бульбянымі насамі
шырокімі бы зубрыны
да таго ж яшчэ і каталікі
я дакладна на тым баку сям'і
дзе нікому не раіла б быць
цяпер ты ведаеш гэта
II
«Мы ўсе зубрынае гаўно, утаптанае ў прах»
Вальжына Морт
елкавая поўсць — вычасаная рунь
зубралосся
шпацыр шпацыр по чорнай дарозе
mom I'm home
так гаварылі амерыканцы
30 красавіка 75
тыдзень пасля нараджэння маёй матулі
балота ў снезе
калі ідзеш, то ўжо нельга спыняцца
бо калі спынішся багна зацягне
прыбеглі чацвёра ў чорным
яны перабягалі перакрыжаванне дарог
наўскос
дзіцяці вядома што так рабіць нельга
бо ў цэнтры ўчэпіцца чорт
улезе на спіну
мужчыны скралі маю багну
гэта балотны рэкіт
і выпаў вугольны снег
здранцевелыя мезенцы
губляюць
донышки туесков
там дрыготкія рэбры хлапчовыя
хрышчаць пад крывымі абцасамі
драных чаравікоў
у цемры задухоцця цемрашальна блішчаць
валасы Іаканаана
адкрый вочы свае, Іаканаан, паглядзі на мяне
хай твае вейкі ўзнімуцца
тысячамі сот галубак
з распаленых крохкім сонцам
маскоўскіх дахаў

хай твае скроні памякчуцца
раўночнай поўняддзю крывавай луны
што бачыў ісландскі хлопчык
калі да яго доўгіх валасоў
прывязвалі палку
каб падвесіць галаву — спрытней будзе
рубіць тапаром шыю
забяры мяне ў свае падкрылле з крывавага
зубапер'я
Іаканаан
не, я не буду танцаваць, Ірад
я не з Ірландыі, я з Менску
я не адважуся дакрануцца
да твайго брыва, прарок
я забудуся на твае вусны,
анёл пустэльні, анёл ляманту
анёл балота.

багна Сахара з куп'ём са сфінксаў
там пацукі растаскалі суздальскі крэмль
усталюй сваю млявасць на хатняй страсе
там і павесся
і адчапіся ад мяне, адчапіся ад мяне
лепш раскажы сваёй маме, чым ты займаўся
ВІКЦЯ УДОВІНА
Паэтка, даследчыца сярэднявечнай літаратуры
Made on
Tilda