Вікторыя Трыфанава
Балада пра белую птушку
божа прабач жанчыне
рукі па локаць у крыві
яна не забойца
толькі разбірае мяса

I

белая птушка да бога прыходзіла і казала:
божа ж ты мой што робіцца што ты робіш
няўжо мы настолькі табе не мілыя і не роўня
іншым стварэнням тваім з гарачай крывёю
добра наш век кароткі гэта адное
шэсцьдзесят дзён найвялікшы жыццёвы рахунак
але нашыя душы божа нашыя ж душы
не супакояцца покуль косткі ў зямлю ня лягуць
галоўнае мы ўсё бачым бачым усё вельмі ясна
як жанчына з мужчынам пілуюць нашыя целы
замарозяць звараць ці спаляць ушчэнт як трэба
а косткі будуць яшчэ не ў зямлі вельмі доўга
сліна людзей сліна іх хатніх жывёл сметніца
смеццеправод смеццевоз іншае тэхнагеннае
і на звалцы косткі ляжаць і носіць іх вецер
і няма спакою ніякага мілы божа
дзе ж напісана правіла вечнае несправядлівасці
паводле якога мы не мір на душы нясем
а кроў ды крыўду
II


і адказваў бог птушцы: не мае ніякіх правілаў
вам схлусілі вашы ўласныя міраўявы
гэта не я вырашаю вырашае вечнасць
птушка не пагадзілася:
хіба ж вечнасць вышэй за бога
калі ён можа вечнасць дараваць
чым жа займаецца бог проста зараз
калі наймалейшае з жыццяў просіць яго збавенне?
бог адказваў: займаюся справаю найвялікшаю
назіраю вайну ў космасе ў найвышэйшым свеце
птушкі да гэтага свету не далятаюць
голуб міру застаўся хіба на вашай планеце

ці гэта вайна ёсць праяваю волі бога казала
птушка; чаму ж ты тады не скончыш яе казала
чаму вочы на нас твае глядзяць і не бачаць
што не так з усімі тваімі стварэннямі
дзе напісана правіла вечнае несправядлівасці
паводле якога мы не мір на душы нясем
а кроў ды крыўду
III


не адказваў бог замаўчаў і ўсе зніклі гукі
птушка крыўдаю перапоўненая больш не мела словаў
адбылося паразуменне жывёлы і бога
лепшае што ва ўмовах вайны здаралася

чалавечы натоўп пра той дыялог і не ўчуе ніколі
па большасці ўсім аднолькава любыя
чорная зямля белы пясок зялёная багна
цёмны лес блакітнае неба чыстае поле
мяса і кроў белых птушак на вячэру і на сняданне
мяса і кроў белых птушак узростам шэсцьдзесят дзён
спажыванне крыві харчаванне страхам
землянам — жыццё зямное, мирянам — мірнае

супакоіліся косткі птушкі знайшлі збавенне
супакоіўся бог працягнуў свае назіранні
над чорнай бяздоннай тванню касмічных нябёсаў
знічкай бліснула згадка светлага неба
дзе напісана правіла вечнае справядлівасці
паводле якога мы не мір на душы нясем
а кроў ды крыўду




ВІКТОРЫЯ ТРЫФАНАВА
Нарадзілася ў Менску ў 2001. Студэнтка факультэта журналістыкі БДУ. Выпускніца гістарычнага профіля Ліцэя БДУ і Школы маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў (2021).

Made on
Tilda